СЕ́ННЕНСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі з канца 18 ст. да пач. 1923. Утвораны 22.7.1773 у складзе Аршанскай правінцыі, з 22.3.1777 Магілёўскай губ. Цэнтр.г. Сянно. У 1795 у С.п. перададзена частка тэрыторыі, далучанай у выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай, з мяст. Лукомль і Чарэя. 12.12.1796 павет уключаны ў Беларускую губ. З 27.2.1802 зноў у Магілёўскай губ. з аднаўленнем межаў 1795. Пл. С.п. 3,3 тыс. км². У 1861 далучана частка скасаванага Копыскага пав., пасля чаго пл. стала 4,9 тыс км². Тэр. С.п. была падзелена на 15 валасцей. У 1864 нас. павета 85,5 тыс. чал. У 1881 у С.п. (без г. Сянно) было 67 прадпрыемстваў, на якіх працавала 198 чал. У 1883 у 2 школах і 17 нар. вучылішчах навучалася 637 вучняў; былі 4 бальніцы на 72 ложкі, 2 аптэкі. На 1889 у павеце 786 паселішчаў, у 1897 161,7 тыс. чал., з іх у Сянне 4,1 тыс. З 26.4.1919 С.п. у складзе Віцебскай губ. 15.2. 1923 павет скасаваны, воласці перададзены ў Аршанскі, Бачэйкаўскі і Віцебскі паветы.

В.​Л.​Насевіч.

т. 14, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)